10.02.01 – белорусский язык

специальность

Загад Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 13.11.2017  № 260

 

І. Галіна навукі, па якой прысуджаюцца вучоныя ступені

Філалагічныя навукі

 

ІІ. Формула спецыяльнасці

Беларуская мова – навуковая спецыяльнасць, прадметам даследавання якой з’яўляюцца – развіццё сістэмы беларускай мовы на працягу яе гістарычнага існавання і асаблівасці яе функцыянавання ў сучасным соцыуме.

Спецыфіка спецыяльнасці заключаецца ў тым, што ў яе межах палажэнні агульнай лінгвістычнай тэорыі выкарыстоўваюцца ў дачыненні да канкрэтнага матэрыялу беларускай мовы. Даследаванні па названай спецыяльнасці могуць выконвацца ў межах канкрэтных моўных дысцыплін: графікі і арфаграфіі, фанетыкі і фаналогіі, лексікі і семасіялогіі, фразеалогіі, марфемікі і словаўтварэння, марфалогіі і сінтаксіса, стылістыкі і лінгвістыкі тэксту.

Аб'ектам даследавання спецыяльнасці з'яўляецца сістэма беларускай мовы на сучасным этапе яе функцыянавання і ў гістарычным развіцці. Прадмет даследавання – стан і ўзаемадзеянне адзінак беларускай мовы на розных узроўнях яе сістэмы.

Сацыяльна-культурнае значэнне вырашэння пытанняў, звязанных са спецыяльнасцю, абумоўлена роллю беларускай мовы ў сістэме духоўных каштоўнасцей сучаснага беларускага грамадства і заключаецца ў стварэнні цэласнай канцэпцыі развіцця і функцыянавання беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі краіны ў сучасных сацыяльна-культурных умовах, што садзейнічае удасканаленню сістэмы моўнай адукацыі і выхавання чалавека сучаснага грамадства, павышэнню нацыянальнай самасвядомасці ў шматмоўным і шматкультурным свеце.

 

III. Галіны даследаванняў

  1. Развіццё навукі аб беларускай мове і гісторыя вывучэння беларускай мовы.
  2. Беларуская мова як нацыянальная мова беларускага народа і дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь. Сучасны стан сістэмы беларускай мовы, асноўныя тэндэнцыі і напрамкі развіцця слоўнікавага складу мовы. Асаблівасці эвалюцыі сістэмы беларускай мовы ў ХХ стагоддзі. Сучасныя тэндэнцыі развіцця слоўнікавага складу беларускай літаратурнай мовы.
  3. Дыяхранічныя і тыпалагічныя праблемы станаўлення, развіцця і функцыянавання беларускай мовы. Беларуская мова ва ўзаемасувязях з іншымі славянскімі мовамі.
  4. Шляхі і асаблівасці развіцця беларускай літаратурнай мовы. Перыядызацыя гісторыі беларускай мовы і этапы яе развіцця. Старабеларуская мова. Мова помнікаў беларускага пісьменства. Беларуская мова ХІХ ст. Развіццё беларускай мовы на пачатку ХХ ст.
  5. Пытанні беларускай дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Дыялектны падзел беларускай мовы. Дыялектныя асаблівасці ў галіне лексікі, фанетыкі, словаўтварэння, марфалогіі і сінтаксісу. Арэальныя даследаванні.
  6. Даследаванні па сучаснай і гістарычнай фанетыцы, фаналогіі, графіцы, арфаграфіі, лексіцы, фразеалогіі, лексікаграфіі, граматыцы і словаўтварэнню сучаснай беларускай мовы.
  7. Беларуская анамастыка. Спецыфіка анамастычнай семантыкі. Тыпалогія ўласных імён. Функцыянаванне ўласных імён у тэксце. Прыкладная анамастыка.
  8. Пытанні норм беларускай літаратурнай мовы ў гістарычным развіцці і на сучасным этапе. Пытанні культуры пісьмовай мовы і вуснага маўлення. Асаблівасці мовы радыё, тэлебачання і іншых сродкаў масавай інфармацыі. Пытанні дынамікі сучаснай літаратурнай нормы.
  9. Даследаванне функцыянальных стыляў беларускай мовы. Стылістычны падзел беларускай мовы. Рознаўзроўневыя сродкі стылістычнай дыферэнцыяцыі беларускай мовы. Пытанні развіцця і функцыянавання беларускай навуковай тэрміналогіі.
  10. Беларуская мова ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя. Сацыялінгвістычныя праблемы  беларуска-рускага двухмоўя.
  11. Мова мастацкай літаратуры. Пытанні ідыястылю пісьменніка. Двухмоўе і міжмоўнае ўзаемадзеянне ў творах мастацкай літаратуры. Лінгвістыка тэксту.
  12. Этымалагічныя даследаванні.
  13. Сучасныя напрамкі лінгвістыкі. Камунікатыўная лінгвістыка. Кагнітыўная лінгвістыка. Корпусная лінгвістыка.

 

ІV. Сумежныя спецыяльнасці

  • 10.02.02 – руская мова;
  • 10.02.03 – славянскія мовы;
  • 10.02.04 – германскія мовы;
  • 10.02.05 – раманскія мовы;
  • 10.02.15 – балтыйскія мовы;
  • 10.02.19 – тэорыя мовы;
  • 10.02.20 – параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства;
  • 10.02.21 – прыкладная і матэматычная лінгвістыка;
  • 13.00.02 – тэорыя і методыка навучання (руская мова, беларуская мова).

 

V. Размежаванне з сумежнымі спецыяльнасцямі

Непасрэдным прадметам даследаванняў у межах спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова з'яўляецца менавіта нацыянальная беларуская мова ў яе гістарычным развіцці і на сучасным этапе існавання, а таксама канкрэтны матэрыял усіх узроўняў яе сістэмы.

Спецыяльнасць 10.02.01 – беларуская мова адрозніваецца ад спецыяльнасці 10.02.02 – руская мова тым, што прадметам даследаванняў апошняй з'яўляецца сістэма нацыянальнай рускай мовы на ўсіх узроўнях. У межах спецыяльнасці 10.02.03 – славянскія мовы вывучаюцца іншыя славянскія мовы (украінская, паўднёвыя, заходнія). Прадметам спецыяльнасцей 10.02.04 – германскія мовы, 10.02.05 – раманскія мовы, 10.02.15 – балтыйскія мовы адпаведна з’яўляюцца моўныя факты гэтых груп моў, а таксама асаблівасці іх гістарычнага развіцця і ўзаемадзеяння з іншымі мовамі.

У межах спецыяльнасці 10.02.19 – тэорыя мовы могуць вывучацца факты беларускай мовы, аднак яны служаць толькі ілюстрацыйным матэрыялам для даследавання агульных асаблівасцей мовы чалавека як знакавай сістэмы і яе выкарыстання ў працэсе камунікацыі, сацыяльных аспектаў мовы, паралінгвістычных сродкаў камунікацыі, прыроды перадачы моўнымі сродкамі інфармацыі і яе ўспрымання. У працах па гэтай спецыяльнасці могуць выкарыстоўвацца факты розных моў, у тым ліку і штучных. Між тым, у працах, выкананых у межах спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова, непасрэдна даследуюцца факты беларускай мовы, асаблівасці іх сістэмнай арганізацыі, а таксама функцыянаванне ў грамадстве беларускай мовы як сродку зносін.

Спецыяльнасць 10.02.01 – беларуская мова адрозніваецца ад спецыяльнасці 10.02.20 – параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства тым, што ў працах па гэтай спецыяльнасці абавязкова даследуюцца моўныя факты дзвюх і больш моў (магчыма, і беларускай таксама). Прадметам даследавання гэтай спецыяльнасці з'яўляюцца тыпалагічныя сувязі роднасных і няроднасных (у тым ліку і тыпалагічна далёкіх) моў. Між тым, у працах па спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова матэрыял іншых моў можа выкарыстоўвацца толькі як фонавы.

Спецыяльнасць 10.02.01 – беларуская мова таксама адрозніваецца і ад такой сумежнай спецыяльнасці, як 10.02.21 – прыкладная і матэматычная лінгвістыка. У межах апошняй працы могуць быць выкананы на матэрыяле беларускай мовы, аднак іх выкананне звязана з выкарыстаннем метадаў фармальнага лінгвістычнага аналізу, прымяненнем апарату матэматычнай логікі пры аналізе фактаў натуральнай мовы (у тым ліку і беларускай). Асноўныя напрамкі спецыяльнасці 10.02.21 – прыкладная і матэматычная лінгвістыка – гэта аўтаматычнае распазнаванне і сінтэз маўлення, аўтаматычныя метады апрацоўкі тэкставай інфармацыі, стварэнне аўтаматызаваных баз і сістэм інфармацыйнага пошуку, падрыхтоўка аўтаматычных слоўнікаў, распрацоўка метадаў і прыёмаў аўтаматычнага рэдагавання, анатавання, рэферыравання і перакладу.

Спецыяльнасць 10.02.01 – беларуская мова сутнасна адрозніваецца і ад спецыяльнасці 13.00.02 – тэорыя і методыка навучання (руская мова, беларуская мова), у межах якой разглядаюцца выключна пытанні выкладання беларускай мовы на розных узроўнях адукацыі, што адносяцца да галіны педагагічныя навукі.

Дысертацыйныя працы, што выкананы на стыку спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова і пералічаных сумежных спецыяльнасцей, могуць быць прадстаўлены да абароны па дзвюх спецыяльнасцях з абавязковым увядзеннем у склад савета па абароне спецыялістаў сумежнага профілю. Гэтыя працы могуць быць прадстаўлены да абароны і ў савеце па абароне сумежнага профілю з увядзеннем у склад гэтага савета ва ўстаноўленым парадку спецыялістаў па спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова.